СЕ́РБСКА-ЧАРНАГО́РСКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 1876—78,
вызваленчыя войны Сербіі і Чарнагорыі супраць Асманскай імперыі. Праходзілі ва ўмовах нарастання нац.-вызв. руху на Балканах (гл. Красавіцкае паўстанне 1876 у Балгарыі). 18.6.1876 Чарнагорыя і Сербія (патрабавала ад Асманскай імперыі перадачы Босніі і Герцагавіны пад сваё кіраванне) абвясцілі вайну Турцыі. У ходзе ваен. дзеянняў тур. войскі занялі шэраг населеных пунктаў Сербіі. Дзякуючы ультыматуму Расіі (прад’явіла тур. ўраду 31.10.1876) было заключана перамір’е. У лют. 1877 Сербія падпісала мір з Турцыяй на ўмовах даваен. становішча (Чарнагорыя мірны дагавор не падпісала). З пачаткам рус.-тур. вайны 1877—78 Чарнагорыя ў крас. 1877 аднавіла ваен. дзеянні. У снеж. 1877 Сербія зноў уступіла ў вайну, якая была фактычна часткай рус.-тур. вайны 1877—78. Сербскія і чарнагорскія войскі сумесна з рас. атрадам ген. І.У.Гуркі дасягнулі значных поспехаў на паўд. і ўсх. напрамках. Паводле рашэнняў Берлінскага кангрэса 1878 Сербія і Чарнагорыя атрымалі незалежнасць і значна пашырылі свае тэрыторыі.
т. 14, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)